МІЖНАРО́ДНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ДАПАМО́ГІ РЭВАЛЮЦЫЯНЕ́РАМ ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ, МОПР Заходняй Беларусі, Чырвоная дапамога Заходняй Беларусі,
масавая грамадская арг-цыя ў Зах. Беларусі ў 1924—39, якая праводзіла шырокія кампаніі ў абарону дэмакр. правоў і свабод, аказвала маральную, матэрыяльную і юрыд. дапамогу палітвязням рознай паліт. прыналежнасці, змагалася за іх вызваленне. Створана ў выніку аб’яднання гурткоў Чырв. Крыжа, якія займаліся дапамогай палітзняволеным. Уваходзіла на правах аўтаномнай арг-цыі ў склад МОПРа Польшчы. Працавала пераважна пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. На 15.1.1925 налічвала 878 чл. Да канца 1928 дзейнічала 6 акр., у студз. 1932—9 акр. і 48 раённых мопраўскіх к-таў, пры якіх працавалі мопраўскія тройкі, што ствараліся на прадпрыемствах, у прафсаюзах, Т-ве бел. школы, спарт. і інш. легальных арг-цыях. На чале МОПРа Зах. Беларусі стаяў ЦК (знаходзіўся ў Вільні), які выдаваў газ. «Чырвоная дапамога», «Палітычны вязень», «Турмы клічуць да барацьбы». У 1927—28 сакратаром ЦК быў І.Жыўлюк, з 1937 Р.Пірышка. Члены МОПРа Зах. Беларусі ўдзельнічалі ў кампаніях у абарону Беларускай сялянска-работніцкай грамады ў час працэсу 56-і, у падтрымку рэсп. Іспаніі, супраць смяротнага прыгавору С.Прытыцкаму, за ліквідацыю Бяроза-Картузскага канцэнтрацыйнага лагера і інш. Пад іх націскам польскі ўрад у 1928 і 1936 быў вымушаны аб’явіць амністыю і вызваліць частку палітзняволеных. Пасля неабгрунтаванага роспуску ў 1938 Кампартыі Польшчы і яе састаўных частак КПЗБ і КПЗУ дзейнасць МОПРа Зах. Беларусі значна аслабла.
Літ.:
Ладысев В.Ф. В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988.
Т.А.Лугачова.
т. 10, с. 338
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)